ЛЫ́ЖНАЕ ДВАЯБО́Р’Е, паўночнае дваябор’е (афіц. назва Combiné nordique паўночная камбінацыя),
від лыжнага спорту, які ўключае скачкі з 70-метровага трампліна і гонку на 15 км (да 1956—18 км) на перасечанай мясцовасці. Спаборніцтвы праводзяцца ў 2 дні: у 1-ы — скачкі (з трох у залік ідуць 2 лепшыя), у 2-гі — гонка. Вынік вызначаецца сумай балаў за абодва практыкаванні.
Як від спорту ўзнік у Нарвегіі ў канцы 19 ст. У Расіі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1912 пад Пецярбургам. З 1924 уваходзіць у праграму Алімп. гульняў, з 1925 праводзяцца спаборніцтвы Кангрэса Міжнар. федэрацыі лыжнага спорту (ФІС), з 1937 — чэмпіянаты свету.
На Беларусі першыя афіц. спаборніцтвы адбыліся ў 1938 (г. Віцебск), рэгулярна праводзяцца з 1962. Сярод чэмпіёнаў СССР: каманды Беларусі (1982, 1986), В.Акулаў (1986, камандны залік, таксама ўладальнік Кубка СССР, 1985), С.Давідчанка (1986, камандны залік), А.Пектубаеў (1986, камандны і асабісты залікі). Каманда спарт. т-ва «Ураджай» — чэмпіён Усесаюзных зімовых сельскіх гульняў (1977).
т. 9, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)